Вы праглядаеце журнал [info]serrovicz

08 Снж 2008

Каліноўскі

Пісьмы з-пад шыбеніцы - ІІ

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, - но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па-шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.

Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, - адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, - за касу, сякеру, - цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні

Слоўнік )


Каліноўскі

Марыська чарнабрэва

Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, - прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду абмінем.
Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прымі цяжкую кару, Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна
Цэтлікі: ,
Каліноўскі

Пісьмы з-пад шыбеніцы - І

І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці.
За ўсіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі )

29 Ліс 2008

Каліноўскі

Нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі павяртаўся на сваю Радзіму.

 

брацкая магіла паўстанцаў у вёсцы Плябань да перапахаваньня

Сёньня, 29 лістапада 2008 году ў вёсцы Плябань Менскай вобласьці адбылося перапахаваньне зямлі з брацкай магілы 15 паўстанцаў 1863 году ў Вільні, сярод якіх быў Кастусь Каліноўскі. Месца разьмешчаньня брацкай магілы было вызначанае паводле архіўных зьвестак. Жменя зямлі з магілы была прывезеная ў Беларусь, каб годна перапахаваць яе ў месцы шанаваньня нашых герояў - Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 г. Галоўнымі крытэрамі пры выбары такога месца былі :

-                           гістарычная датычнасьць абранага месца да падзеяў паўстаньня;

-                           наяўнасьць менавіта брацкай магілы ўдзельнікаў паўстаньня;

-                           лёгкадаступнасьць да магілы для любога чалавека, нават незнаёмага зь мясцовасьцю.

Такім чынам, было абранае мястэчка Плябань (Маладэчанскі раён Менскай вобласьці, чыг. прыпынак Ласі). Тут, на зарослым пагорку спачываюць змагары з атраду Юльляна Бакшанскага, якія загінулі ў няроўным баі ля вёскі Сьвечкі.
Цяперака тут спачываюць і 13 паўстанцаў, павешаныя ў Вільні (іх імёны будуць тутака выкладзеныя пазьней). Тут  цяперака ляжыць мужны і самаахвярны кіраўнік штабу паўстаньня Зыгмунт Серакоўскі. Тут спачыў, павяртаўшыся нарэсьце на родную зямельку, наш нацыянальны герой і заступнік Вікенці Канстанцін Каліноўскі.

Пра гэта кажа і мэмарыяльная шыльда з надпісам: “Тут перапахаваная зямля з брацкай магілы Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага - кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, а разам зь імі яшчэ 13 паўстанцаў. Перапахаваныя тут прынялі пакутніцкую сьмерць на шыбеніцы на Лукіскім пляцы места Вільні ўвесну 1864 году. Супакой ім і вечная памяць!



Перапахаваньне адбылося згодна са старажытнай беларускай пахавальнай традыцыяй : у раскапаную ямінку на старой магіле была кінутая манэтка - “на выкуп”, каб старыя “гаспадары” не калолі, не штурхалі новых нябожчыкаў.


 

   
зямля з брацкай магілы ў Вільні манэта на выкуп згодна з традыцыяй

Як напамін пра ўсіх палеглых былі запаленыя сьвечкі і прасьпяваны Беларускі нацыянальны гімн Магутны Божа. Нарэсьце героі павярталіся ў родную зямельку.
 


брацкая магіла са старым каменем і новаўсталяванай шыльдай


28 Ліс 2008

Каліноўскі

артыкул

Цікавыя матэрыялы, датычныя пошукаў магілы Каліноўскага : С. Дубавец "Магіла Каліноўскага - Гара Гедзіміна"

Каліноўскі

Пытаньні і адказы

Прадбачачы надалей гарачую палеміку і пытаньні наконт перапахаваньня зямлі з магілы Кастуся Каліноўскага, імкнуся задаць некаторыя зь іх сам сабе і сам жа сабе на іх адказаць.
 

Ці адпавядае гэты акт беларускай традыцыі?

Так, адпавядае: у хрысьціянскай, ды і ў дахрысьціянскай беларускай пахавальнай традыцыі існуе такі парадак, што, калі няма магчымасьці паставіць па чалавеку помнік на месцы ягонага пахаваньня, дык дастаткова ўзяць крыху зямлі з самога месца пахаваньня і перапахаваць саму гэтую зямлю. Месца перапахаваньня магільнае зямлі станецца сапраўдным (а нават не сымбалічным) месцам магілы, адначасова магілаю гэтага чалавека застанецца і старое месца. Для прыкладу, падобным чынам быў пахаваны заснавальнік беларускай драматургіі Пранцішак Аляхновіч, чыя магіла за Зялёным мостам у Вільні была зьнесеная падчас чарговае рэканструкцыі і забудовы, але захавалася дакладнае апісаньне разьмяшчэньня яе, тады беларусы, не знайшоўшы саміх парэштак Пранцішка, ўзялі крыху зямлі з таго месца і перапахавалі ў Вільні на могілках Роса, дзе і стаіць сёньня помнік Аляхновічу (і ані ў кога не выклікае пярэчаньняў або сумневаў пытаньне аб “даставернасьці” магілы беларускага клясыка).

Ці можна разбурыць брацкую магілу?

Разбурыць можна любую магілу апроч брацкай, бо ў такой магіле, згодна зноў жа з беларускай пахавальнай традыцыяй, магілай зьяўляюцца не парэшткі і нават не зямля, але самое месца, нават тады, калі яно вядомае толькі прыблізна. Гэтакім чынам, брацкую магілу немагчыма ані зьнішчыць, ані разьдзяліць, нават калі б хтось экскаватарам выграб адтуль усю зямлю.

Ці можна цяпер лічыць, што магілы Каліноўскага ў Вільні больш не існуе?

Якім ужо разам абапіраючыся на старажытныя і мудрыя традыцыі нашага народу скажу, што па факце цяпер існуе дзьве магілы для тых 15-ці паўстанцкіх герояў і кожны беларус сам для сябе зможа вырашыць, куды яму ехаць, каб аддаць апошнюю павіннасьць для тых, хто паклаў сваё жыцьцё дзеля нашага шчасьця і свабоды. Калі хто прыедзе ў Вільню і падымецца на гару Горняга замка Гедзіміна, той можа пакласьці кветкі тамака, калі ж для каго перасячы мяжу станецца праблемаю, ён можа сесьці ў Менску на электрацыю на Маладэчанскі напрамак, даехаць да станцыі “Ласі”, выйсьці і прайсьці мэтраў 300 па хадзе цягніка да перасячэньня чыгункі з шашою ад вёскі Плябань, на ім павярнуць леваруч і дайсьці да зарослага пагорку, дзе спачылі героі з атраду Юльляна Бакшанскага якія загінулі ў няроўным баі ля вёскі Сьвечкі, дзе ляжаць 13 паўстанцаў, павешаных у Вільні (іх імёны будуць тутака выкладзеныя пазьней), дзе ляжыць мужны і самаахвярны кіраўнік штабу паўстаньня Зыгмунт Серакоўскі, дзе спачыў, павяртаўшыся нарэсьце на родную зямельку, наш нацыянальны герой і заступнік Вікенці Канстанцін Каліноўскі.

Гэта азначае найперш, што даўняя несправядлівасьць, калі нашыя сыны і браты, аддаючы свае жыцьці за нашую з Вамі лепшую будучыню, заставаліся ляжаць бяз годнага помніку, часам, у чужое зямлі і былі забытыя, прынамсі, датычна хаця б гэтых 15-ці герояў вырашылася.

Прыйдзе час і кожны з удзельнікаў таго і іншых паўстаньняў атрымае сваё месца пад цёплым беларускім сонцам. Але пакуль, не пашкадуйце часу, прыедзьце ў старасьвецкую вёску Плябань, дзе стаіць былы касьцёл, адабраны царскімі ўладамі за тое, што ў ім перахоўвалася паўстанцкая зброя, дзе ў будынку старое плябані месьціцца гэтак і не завершаны музэй Беларускага Паўстанцкага Руху, чый лёс па сёньня ня вырашаны, дзе ў зарослым пагорку ляжаць тыя, хто не пабачыў, як будуць расьці іхныя дзеці, або нават ня змог мець дзяцей, і ўсё дзеля аднаго – дзеля нашага шчасьця і свабоды.


тое самае перарыжаваньне, той самы касьцёл

У плянах:

- даць кароткія біяграфічныя зьвесткі пра Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Юльляна Бакшанскага і іншых.

- апісаць апошнія дні жыцьця і змаганьня Каліноўскага.

- правесьці віртуальную экскурсыю па віленскіх месцах, якія памятаюць Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстаньня 1863 году.